|
|
 |
|
|
Тэхналогія
вырабу
|
ВЫШЫЎКА
Шыццё
і нераздзельная з ім вышыўка адносяцца да найстаражытнейшых заняткаў
чалавека. Касцяныя іголкі і ігольнікі вядомы з часоў палеаліту. Фрагменты
арнаментаванага адзення, галаўных убораў, скуранога абутку, паясоу,
футаралаў - тыповыя знаходкі ў курганных пахаваннях на тэрыторыі Беларусі.
У другой палове XIX - пачатку XX ст. вышыванне на Беларусі было адным
з пашыраных заняткаў, а вышыўка - развітым і папулярным відам народнага
мастацтва. У той ці іншай ступені ёю валодала кожная жанчына, тым
больш што ў асобных месцах вышыўка была адзіным ці пераважным (у параўнанні
з ткацтвам) спосабам аздаблення і арнаментацыі тканін. Вышыванне здаўна
лічылася ў беларусаў абавязкам выключна жаночым, хоць і з пэўнымі
ўзроставымі абмежаваннямі. Жанчына ў замужжы аддавала рукадзеллю не
так шмат увагі - перш за ўсё з-за адсутнасці вольнага часу. Вышыванне
было заняткам дзяўчыны ў той перыяд яе жыцця, калі ўсе яе намаганні
і думкі скіроўваліся на вясельную скрыню, на тое, каб назапасіць патрэбную
колькасць рытуальных прадметаў, як след падрыхтавацца да будучага
сямейнага жыцця. Прыкладна з 12 - 15-гадовага ўзросту дзяўчына пачынала
засвойваць працэс арнаментацыі іголкай. Першыя ўрокі браліся ў маці,
чым забяспечвалася бесперапынная перадача традыцый, неабходных рамесніцкіх
навыкаў. Вышывалі дома, вышывалі і на вячорках, асабліва ўзімку, чаргуючы
шытво і прадзіва з танцамі, спевамі ды жартамі.
Беларуская народная вышыўка, дасягнуўшы за шматвяковы перыяд развіцця
высокай ступені дэкаратыўнага майстэрства, тым не менш бытавала выключна
ў форме хатніх заняткаў, якія задавальнялі патрэбы сям'і. І толькі
калі-нікалі, улічваючы здольнасці і спрытнасць майстрыхі, вышыўка
рабілася па просьбе аднавяскоўцаў і ў такім выпадку ператваралася
ў сродак дадатковага матэрыяльнага заработку. Іншы раз вышыўку выконвалі
і талакой. У перадвясельны час талаку з бліжэйшых сваячак і сябровак
збірала нявеста, каб своечасова падрыхтаваць неабходныя абрадавыя
рэчы. Усёй грамадой аздаблялі вышыўкай і ручнік-абыдзённік, вытканы
групай жанчын за адну ноч ці дзень для прадухілення сваёй вёскі ад
пошасці, эпідэміі, засухі, градабою.
Дарэчы, пералік прадметаў, што аздабляліся вышыўкай, быў не надта
вялікі. Традыцыя патрабавала, каб арнаментальнае вышыванне абавязкова
прысутнічала на жаночым адзенні, і ў першую чаргу на кашулі, намітцы,
фар-туху, што разам з паясным адзеннем і іншымі дапаўненнямі складалі
кожны раз непаўторна-дэкаратыўную з'яву - традыцыйны святочна-абрадавы
касцюм.
Сярод арнаментаваных вышыўкай прадметаў жаночага адзення галоўнае
месца, без сумнення, адводзілася кашулі. Вышываны (ці тканы) дэкор
абавязкова прысутнічаў на паліках (плечавых устаўках), верхняй частцы
рукава. Часам упрыгожваўся ўвесь рукаў ці акцэнтавалася яго ніжняя
частка, манжэты, каўнер, пазуха, падол, падкрэсліваліся канструкцыйна-злучальныя
швы.
У канцы XIX і асабліва ў першыя дзесяцігоддзі XX ст. набыла папулярнасць
кашуля на гестцы, якая арнаментавалася выключна вышыўкай. Кампазіцыйна-мастацкае
вырашэнне вызначалася кроем кашулі.
Поруч з кашуляй па колькасці і значнасці аздаблення стаяў фартух,
які завязваўся на таліі. Ен звычайна дэкарыраваўся па падоле адной
ці некалькімі арнаментальнымі палосамі. Тымі ж задачамі агульнай гармоніі
касцюма вызначалася вышыўка і наогул мастацкае аздабленне ручніковых
галаўных убораў - дзявочай скіндачкі і жаночай наміткі.
У жаночым касцюме вышыўку можна бачыць і на гарсэтах. Адсутнасць даўніх
традыцый у адносінах да гэтага прадмета, выкарыстанне фабрычных тканін
прывялі да фарміравання вялікай колькасці лакальных варыянтаў. Гарсэт
(кітлік, кабат, шнуроўка) расшывалі кветкавымі матывамі, дэкарыравалі
аплі-кацыяй з шаўковых стужак, баваўняных тканін, фігурнай тасьмы
і інш., ужывалі бліскаўкі, шклярус, гузікі, шаўковыя ніткі. Ўвогуле
мастацкае афармленне гарсэта падпарадкоўвалася агульнаму строю касцюма
і яго каларыстычнаму вырашэнню.
У пералік арнаментаваных прадметаў здаўна ўваходзіла мужчынская кашуля,
якая заўсёды, практычна да апошняга часу, упрыгожвалася вышыўкай.
Прыкметнае
месца сярод вышываных рэчаў займаў ручнік - прадмет, які адыгрываў
значную ролю ў духоўным жыцці беларуса, быў неабходным атрыбутам вясельнай,
пахавальнай, радзіннай абраднасці, аздобай сялянскай хаты, асабліва
покуці з абразамі.
Асноўным матэрыялам для вышывання на Беларусі здаўна былі льняныя
палотны, якія ў залежнасці ад якасці сыравіны, таўшчыні нітак, пэўнай
ступені адбельвання, шчыльнасці фактуры, нарэшце, рэгіянальных асаблівасцей
і часавых паправак мелі мноства градацый, што знайшло адлюстраванне
ў адпаведнай дыялектнай тэрміналогіі. Так, адрознівалі палатно намітнае,
сарочачнае, вылучалі сяродкавае, зрэбнае, кужэльнае і інш. Для вышыўкі
ўжывалі пераважна найтанчэйшыя і сярэдняй гатунковасці палотны.
Прамысловы тэкстыль - баваўняны, шарсцяны, шаўковы - пачаў пранікаць
у сялянскі побыт беларусаў досыць позна - недзе з другой паловы XIX
ст. У адрозненне ад рускіх губерняў, дзе найбольшым попытам карысталі-ся
баваўняныя фарбаваныя ці набіўныя тканіны (кумач, паркаль), беларусы
аддавалі перавагу натуральным белым палотнам, магчыма, з прычыны таго,
што яны адпавядалі колеру традыцыйнага льнянога адзення.
Асновай для вышыўкі служылі і сятчастыя посцілкі, абрусы, сурвэты,
створаныя рознымі спосабамі пляцення, вязання, а іншы раз і тканыя.
Сама сетка асаблівай дэкаратыўнасцю не вызначалася і разглядалася
галоўным чынам як фонавая паверхня для вышыўкі пышнай, але грубаватай
кампазіцыі пераважна расліннага характару. Яркія, паліхромныя сеткі
з арнаментыкай, падказанай і перанятымі ўзорамі, і асабістай фантазіяй
і густам майстрых, набылі папулярнасць у 20-30-ыя гады. Эпіцэнтрам
іх пашырэння на Беларусі было местачковае асяроддзе.
3 другой паловы XIX ст. асноўным матэрыялам для арнаментацыі тканін
вышыўкай (як і ткацтвам) былі пакугіныя баваўняныя ніткі - чырвоныя,
сінія, чорныя ці натуральнага белага колеру. У розных рэгіёнах яны
мелі назвы "забалаць", "горынь", "балхва",
"кета", "белька", "бавэлна" і інш. Зрэдку
ў му-зейных зборах трапляюцца старажытныя ўзоры вышывак ільнянымі
ці шарсцянымі ніткамі, афарбаванымі ў традыцыйныя прыглушаныя чырвона-карычневыя
колеры, уласцівыя натуральным фарбавальнікам. Для аздаблення верхняй
вопраткі, посцілак-дываноў звычайна ўжываліся шарсцяныя каляровыя
ніткі. Аплікацыя бліскаўкамі, шклярусам, гузікамі, тасьмой, стужкамі,
металічнай "біццю" сустракалася спарадычна на жаночых гарсэтах,
галаўных уборах.
Традыцыйныя колеравыя вырашэнні беларускай народнай вышыўкі арыентуюцца
ў асноўным на чырвоны колер. Манахромныя чырвоныя вы-шыўкі пераважалі,
хоць часцей чырвоны колер адцяняўся кантрастнымі дабаўкамі сініх,
пазней - чорных нітак. Дзе-нідзе бытавала спалучэнне чырвонага з белым,
чырвонага з белым і сінім, сустракалася таксама аднатоннае белае ці
манахромнае чорнае або тэракотавае шыццё. Ураўнаважанасць чырвонага
з чорным - характэрная рыса навейшых уэораў у тэхніцы крыжыка, пік
папулярнасці якіх прыпадае на пачатак XX ст. Што да паліхромных вышывак
адвольнай гладдзю, якія спалучалі ўсе магчымыя адценні анілінавых
фарбавальнікаў, то яны - адлюстраванне тэндэнцый дэкаратывізму ў народным
мастацтве, што з найбольшай выразнасцю праявілі сябе ў 30-50-ыя гг.
Спосабы выканання беларускай народнай вышыўкі самабытныя і даволі
разнастайныя. У адносінах да функцыянальнага прызначэння адзначым,
што асноўная частка прыёмаў ужывалася выключна для арнаментацыі асновы.
Ра-зам з тым існавала цікавая група канструкцыйна-злучальных і краявых
швоў. Канкрэтныя тэхналагічныя асаблівасці выканання ў сваю чаргу
дазваляюць умоўна падзяліць прыёмы на дзве няроўныя групы: шыццё па
цэлай тканіне і шыццё па папярэдне разрэджаным палатне. Першая, бе-зумоўна
пераважная, група складае аснову беларускага рукатворнага вышывальнага
рамяства, яго аблічча і выразную характэрнасць.
У значнай ступені гэта стваралася распаўсюджанасцю і папулярнасцю
найстаражытнейшага прыёму вышывання, што меў на Беларусі шматлікія
дыялектныя назвы: нацяг, нацягванне, процяг, завалаканне, нашыванне
доўж-нае, пярочнае, гладзь, набор і інш. Нацягам упрыгожвалі наміткі,
кашулі, фаргухі, ручнікі. Вышыўка мела выгляд арнаментаванай паласы,
утворанай пэўнай колькасцю радкоў найпрасцейшага, нібыта пункцірнага
шва "ўперад іголку". Нітку працягвалі справа налева адразу
па ўсёй даўжыні ўзору, а кожны наступны радок размяшчалі на адну нітку
ніжэй папярэдняга. Арнамент ствараўся рытмічным чаргаваннем вонкавых
і адваротных шыўкоў патрэбнай даўжыні. На палескіх тканінах сустракаецца
і папярочны нацяг, калі нітку працягвалі не па даўжыні, а па шырыні
ўзору спачатку зверху ўніз, а потым, адступіўшы на адну нітку, знізу
ўверх, кожны раз замацоўваючы канец і пачатак радка двума-трыма шыўкамі.
Асаблівасць нацягу - негатыўнае адлюстраванне ўзору на адваротным
баку тканіны. Нацяг выконваўся звычайна чырвонымі ніткамі, але край
і сярэдняя лінія арнаментальнай паласы акцэнтаваліся сінім або чорным
контурам. У канцы XIX - пачатку XX ст. нацяг пераважаў сярод іншых
відаў падліковых аздабляльных швоў на Палессі, быў добра вядомы на
Падняпроўі, бытаваў на поўначы і захадзе Беларусі.
Калі ўлічваць ступень пашырэння тых ці іншых прыёмаў вышывання, то
група гладзевых швоў павінна заняць сярод іншых прыкметнае месца.
Беларусы здаўна ўжывалі двухбаковую падліковую гладзь (насціл, высціланне)
у выглядзе паралельных шыўкоў, што размяшчаліся па вертыкалі, гарызанталі
(прамая гладзь) або дыяганалі (косая гладзь). Ёю вышывалі нескладаныя
геаметрычныя фігуры: васьміпялёсткавыя разеткі, зоркі, крыжападобныя
фігуры, ромбы, трохвугольнікі, палоскі. Звычайна ўжываліся чырвоныя
ці белыя ніткі. Асаблівай папулярнасцю гладзь карысталася на Падняпроўі.
Глыбока старажытным, хоць і не вельмі пашыраным на Беларусі, з'яўляецца
двухбаковае шыццё (роспіс). Тонкая лінейная вышыўка выконвалася двухразовым
ходам рабочай ніткі швом "уперад іголку": першы раз намячалі
контуры ўзору, затым эваротным ходам дапаўнялі прапушчаныя месцы.
Асноўныя рэгіёны бытавання вышыўкі роспісам - Падняпроўе і Падзвінне.
Роспіс сустракаецца і на даўніх вышыўках Магілёўшчыны, на ручніках
з геаметрычным арнаментам, а на адзенні спалучаецца з нацягам, дапаўняючы
шыццё лёгкім зігзагападобным падузорам. У паўночных рэгіёнах роспісам
выконваліся вядомыя міфалагічныя сюжэты з дрэвам жыцця, птушкамі,
антрапа-морфнымі выявамі.
У канцы XIX - пачатку XX ст. па ўсёй Беларусі асаблівую папулярнасць
набыло вышыванне крыжыкам (крыжык просты, маленькі, адзіночны, адзінарны,
хрэсцік). Для запаўнення вялікан плошчы ўзору ўжываўся аднаба-ковы
крыж з вертыкальнымі шыўкамі на адваротным баку тканіны. Асаблівасць
яго ў тым, што спачатку рабілі рад ніжніх шыўкоў, злева направа, пры
зваротным руху іх перакрыжоўвалі верхнім шыўком справа налева. На
больш даўніх узорах сустракаецца і больш працаёмкі від крыжа з гарызантальнымі
шыўкамі на адваротным баку тканіны, калі кожны крыжык вышываўся паслядоўна
адзін за адным. Хуткаму распаўсюджанню і ўкараненню вышыўкі крыжыкам
садзейнічалі шматлікія ўзорнікі і іншыя віды друкаванай прадукцыі,
якія прапагандавалі модныя канвовыя ўзоры.
Аднак трэба адзначыць, што бытаванне вышывак крыжыкам на Беларусі
звязана не толькі з друкаванымі, познімі па паходжанні ўзорамі, але
і з традыцыйнымі кампазіцыямі геаметрычнага характару на намітках,
кашулях, фартухах, арнаментаваных то крыжыкам з нацягам, то адным
крыжыкам. Беларусы даўно карысталіся старажытным двухбаковым крыжыкам.
Беларускую вышыўку закранула і хваля захаплення падвойным крыжыкам,
які набыў папулярнасць зноў жа дзякуючы друкаваным узорам прыкладна
з пачатку XX ст. Па сваіх памерах падвойны крыжык (балгарскі, нямецкі,
двайны, кучкі) большы за просты. Хуткая па выкананні, знешне дэкаратыўная
вышыўка падвойным крыжыкам знайшла сваё месца ў чырвона-чорных узорах
ручнікоў, мужчынскіх кашуль, у аздабленні рознакаляровых дываноў.
Акрамя пералічаных прыёмаў шыцця па цэлай тканіне ў беларускай вышыўцы
выкарыстоўвалася група швоў, якія ў адпаведнасці з іх фун-кцыянальным
прызначэннем можна назваць дапаможнымі. Іх асноўныя функцыі - лінейная,
звычайна кантрастная акаймоўка арнаментальных палос. 3 гэтай мэтай
ужывалі шэраг нескладаных прыёмаў. Найпрасцейшы з іх - шво "ўперад
іголку" ў выглядзе пункцірнай лініі з пэўнай даўжынёй шыўкоў
і інтэрвалаў. Сюды ж трэба аднесці сцябліністае шво, старажытную агульнаславянскую
пляцёнку (правадзец, праводка) - разнавіднасць так званага аксамітнага
шва. Тую ж функцыю дэкаратыўнай акаймоўкі ўзорыстых бардзюраў выконвала
ўжо згаданая вышыўка роспісам, простым рэдкім крыжы-кам і інш.
У параўнанні з вышываннем па суцэльнай тканіне ажурнае шыццё (сакаленне,
гафтаванне, расшыванне, строчка) не атрымала значнага развіцця, а
калі сустракалася, то пераважна ва ўсходніх рэгіёнах Беларусі. На
мяжы ста-годдзяў адной з вядомых была вышыўка строчкай-перавіццю,
выкананне якой складалася з некалькіх этапаў: выцягванне нітак з тканіны,
перавіванне атрыманай сеткі, аздабленне яе пэўным узорам. Звычайна
падрыхтаваную сетку запаўнялі насцілам, які ў адпаведнасці з арнаментам
выконваўся як у гарызантальным, так і ў вертыкальным напрамку. Такая
вышыўка белымі баваўнянымі ці льнянымі ніткамі з буйнымі расліннымі,
часам арнітаморфнымі ці спрошчана-геаметрычнымі матывамі прысутнічала
на канцах ручніка.
Бытавалі і іншыя, больш старажытныя прыёмы расшывання. Так, у Падняпроўі
даўнія традыцыі мела строчка-выразы. Для яе выканання тканіну разрэджвалі,
выцягваючы ніткі асновы і ўтка у колькасці, неабходнай для ат-рымання
сеткі, і даволі буйнымі вочкамі. Слупкі такой сеткі з цотнай колькасцю
нітак перапляталіся двайным, радзей трайным цыравальным швом. На скрыжаванні
пераплеценых слупкоў заставаліся белыя прасветы палатна. Ма-люнак
атрымліваўся спалучэннем белых, чырвоных, чорных нітак, дадатковым
насцілам паверх сеткі, зацягваннем ячэек "павуцінкамі".
Характэрнай прыкметай беларускай традыцыйнай вышыўкі з'яўляецца выкарыстанне
дэкаратыўных краявых швоў (абкіданне, зубленне), якія трымаліся на
самабытных варыянтах пяцельнага шва або гладзевага валіка. Папярэдняе
насціланне нітак надавала вышыўцы рэльефную бачнасць. Абкідальнымі
швамі ўмацоўвалі і адначасова ўпрыгожвалі каўняры, падолы ка-шуль,
фартухоў, краі намітак.
Вызначальная адметнасць традыцыйнага вышывання - арнамент. Паспрабуем
вызначыць яго характэрныя рысы, асаблівасці, матывы, сувязь з пэўнымі
кампазіцыйнымі сістэмамі, дэкаратыўна-мастацкімі плынямі. Варта закрануць
і асноўныя семантычныя накірункі старажытнага беларускага арнаменту,
яго кампазіцыю, колеравую, прадметную абумоўленасць. Апошняе тым больш
цікава, што беларускі вышываны арнамент валодаў высокай ступенню кананічнасці,
устойліва захоўваючы тое фундаментальнае, дзеля чаго і ўжывалася,
уласна кажучы, вышыўка.
Падмуркам, на які абапіралася ўзорыстасць беларускіх вышывак, быў
геаметрычны арнамент. Зыходных формаў няшмат: ромб, крыж, разеткі,
зоркі, трохвугольнікі, прамыя, зігзагападобныя лініі. Але спалучэнне
іх, неймаверная разнастайнасць малюнка кожнага асобнага матыву, умелае
ўжыванне такіх істотных асаблівасцей, яе негатыўны і пазітыўны спосаб
выяўлення арнаменту, выкарыстанне прынцыпаў сіметрыі дапамаглі стварыць
той комплекс гістарычных, мастацкіх і этнічных праяў, які асацыіруецца
ў нас з паняццем "беларуская традыцыйная арнаментыка". Яе
душой і інфармацыйным цэнтрам, вакол якога групаваліся іншыя матывы,
быў ромб. Дамінуючае становішча яго падкрэслівалася шэрагам канкрэтных
стылістычных прыёмаў. Так, асобую ролю ў гэтым напрамку адыгрывала
кантрастнае вылучэнне ромба на фоне іншых матываў ці аднастайнае запаўненне
акаляючай прасторы, напрыклад, штрыхавымі паралельнымі лініямі. Тэндэнцыя
вылучэння ромба рабілася таксама падкрэсленай завершанасцю яго абрысаў,
багаццем знешняга і ўнутранага малюнка.
Побач з ромбам самастойна ці ў арнаментальным перапляценні з ім звычайна
прысутнічаў крыж. Канфігурацыя яго мела самыя розныя формы - ад простых
лінейных да болып складаных свастычных.
Асаблівая ўвага надавалася і васьміпялёсткавай разетцы. Строгія формы
яе ў пазнейшых узорах падпарадкоўваліся выразнаму працэсу агульнага
працвітання геаметрычных матываў, што паступова прывяло беларускі
вышываны арнамент да шырокага выкарыстання расліннай узорыстасці,
якая больш адпавядала і новым запатрабаванням, і новаму дэкаратыўнаму
стылю.
У другой палове XIX ст. склаўся асобны і ў мастацкіх адносінах цэласны
арнаментальны пласт, які характарызуецца сінкрэтычнасцю (цэласнасцю)
геаметрычных і раслінных узораў. Свабодна трактаваныя формы з акруглымі
лініямі, імкненне да агульнага прачытання ўсёй кампазіцыі і кожнага
матыву паасобку - вось галоўнае, што вылучае падобныя арнаментальныя
структуры. Па сваім адыходзе ад геаметрычнай абстрактнасці і набліжанасці
да натуралістычнага трактавання матываў яны належаць навейшаму часу,
хоць па захаванасці кананічных кампазіцыйных вырашэнняў яны яшчэ цалкам
ва ўладзе мінулага.
Арнаментальны фонд беларускай вышыўкі ўключае і раслінныя формы, звычайна
стылізаваныя амаль да геаметрычных. Пашыраныя, відаць, з найдаўнейшага
часу, яны ў другой палове XIX ст. мелі шэраг варыянтаў. Найбольшай
папулярнасцю карысталіся разнастайныя дрэўныя выявы, матыў плаўна
выгнутай галінкі ці вазона, а з кветак - ружы, валошкі, гваздзікі,
дубовае лісце і інш. Арнаментальнаму, а не сюжэтнаму ладу падпарадкоўваліся
і арнітаморфныя матывы - пеўні, арлы, індыкі, гусі, качкі і інш. Звычайна
яны сустракаюцца на ручніках, дзе ці кампануюцца ў асобныя фрызы,
ці чаргуюцца з расліннымі матывамі.
У
пасляваенныя часы традыцыйныя віды вышыўкі амаль паўсюдна выцесніла
яркае, сакавітае шыццё адвольнай гладдзю расліннага характару. Старажытная
стрыманая каларыстыка сімвалічнага характару саступіла месца звонкай
паліхромнасці, чаму паспрыялі як тэндэнцыі павышэння дэкаратыўнасці
сучаснага народнага мастацтва, так і прымяненне сінтэтычных матэрыялаў
для вышыўкі. Традыцыйная сімволіка і арнаментыка саступілі месца яўнай
дэкаратыўнасці.
Знаёмства з практычным курсам вышывальнага рамяства варта распачаць
з найпрасцейшых відаў аздабляльных, контурных швоў. Адзін з асноўных
- шво "наперад іголку". Выконваецца ён спрытна, справа налева.
Адрозніваецца чаргаваннем шыўкоў і прамежкаў паміж імі, размешчаных
уздоўж строгіх прамых ці акруглых, лякальных ліній. На беларускіх
вышывальных узорах пункцірныя рысачкі шва "наперад іголку"
здаўна сустракаюцца як контурныя лініі асобных матываў, а найчасцей
- для акцэнтавання абодвух краёў і сярэдняй (восевай) лініі арнаментальных
палос - бардзюраў.
Данае шво дазваляе таксама атрымаць на яго аснове значную колькасць
іншых аздабляльных прыёмаў. Варыянты іх складаюцца змяненнем велічыні
шыўкоў, павелічэннем колькасці радкоў, размяшчэннем шыўкоў у шахматным
парадку, перавіваннем шыўкоў каляровай, туга скручанай ніткай, шнурам
і г. д.
Асновай некаторых старажытных вышывальных прыёмаў з'яўлялася шво "за
іголку". На вонкавым баку яно мае выгляд пункцірнай лініі з шыўкамі,
роўнымі па велічыні прамежкам паміж імі. На адваротным баку атрымліваецца
суцэльная лінія шыўкоў. Вышываецца па нанесенай лініі або ўздоўж нітак
тканіны. Гэта замацавальнае шво.
Разнавіднасць яго - шво "строчка". Выконваецца тым жа прыёмам,
аднак на вонкавым баку адсутнічаюць інтэрвалы паміж шыўкамі. Дарэчы,
дадатковы дэкаратыўны эфект можна атрымаць лёгкім зацягваннем шыўкоў.
"Строчка"- злучальнае і адначасова дэкаратыўна-злучальнае
шво. Ручныя радкі льняной і баваўнянай белай, а дзе-нідзе чорнай "строчкі"
- пашыраны прыём аздаблення народных кашуль, фартухоў.
Сцябліністае шво складаецца з шыўкоў, якія накладваюцца часткова адзін
на адзін і ўвогуле ўтвараюць суцэльную прамую ці акруглую лінію. Простае
па выкананні, папулярнае ў нашы дні, яно было вядомае, мяркуючы па
археа-лагічных знаходках, ужо ў XII-XIII стст. Сцябліністае шво асабліва
прыдатнае для вышывання гнуткіх раслінных матываў з выявай сцябла.
Адсюль і адпаведная яго назва - сцябліністае. У народных вышыўках
Старадарожскага, Пухавіцкага раёнаў Мінскай вобласці яго выконвалі
падвойнай ніткай для атрымання рэльефнага лінейнага контура. Асаблівасць
выканання заключаецца ў тым, што іголка з ніткай выводзіцца на вонкавы
бок кожны раз на сярэдзіне папярэдняга шыўка. Рабочая нітка кладзецца
заўсёды на адзін бок шыўкоў.
У народным вышыванні пяцельнае шво - адзін з пашыраных прыёмаў, якім
замацоўвалі і адначасова дэкарыравалі край намітак, кашуль, фартухоў.
Яго ўжывалі таксама ў аплікацыі, у скразным шыцці для контура страчавых
сетак, адтулін, для абкідання прарэшкаў. Тканіну праколваюць іголкай
зверху ўніз, пры гэтым пятля вышывальнай ніткі застаецца пад іголкай.
Пры неабходнасці шво ўзбагачалася чаргаваннем шыўкоў рознай велічыні,
дадатковым насцілам, укладваннем шыўкоў шчыльна ці рэдка. На вуглах
пяцельны шывок утвараюць праколваючы адно і тое ж месца некалькі разоў.
Аксамітнае шво мела некалькі варыянтаў. Адзін з іх - папулярная ў
наш час вышыўка "козлікам", якая мае выгляд нахільных шыўкоў,
перакрыжаваных паміж сабой унізе і ўверсе. Выконваюць яго злева направа,
набіраючы на іголку пэўную колькасць нітак тканіны і папераменна рухаючыся
то па верхняй, то па ніжняй лініі паласы. Шво гэта шыецца як па ліку
нітак тканіны, так і па малюнку. Варыянты ўтвараюцца шырынёй, частатою
шыўкоў, адначасовым выкарыстаннем рознакаляровых нітак. Шво "козлік"
прыдатнае для выяўлення асноўных арнаментальных матываў, сустракаецца
і ў якасці дадатковага, суправаджаючага. Добра вядомае яно і як маскіровачна-злучальнае
шво.
Паўсюдна на Беларусі ўжывалася яшчэ адна разнавіднасць аксамітнага
шва - гэта лікавае шыццё пляцёнкай. Асноўнае прызначэнне яго - служыць
акаймаваннем арнаментальных палос. Нярэдка сустракаецца і як самастойнае
аздабляльнае шво. Па выкананні пляцёнка мае падабенства з "козлікам".
Шыўкі яе толькі больш шчыльна запаўняюць вузкую палоску ўзору.
Тамбурнае шво мае выгляд ланцужка са злучаных паміж сабой петляў.
Вышываецца іголкай ці кручком. Ужываецца на Беларусі спарадычна як
контурнае і аздабляльнае шво. Тамбур і яго разнавіднасць - тамбурная
пятля асабліва прыгодныя для вышыванак з сюжэтнымі, раслінна-кветкавымі
матывамі.
Традыцыйнае лікавае вышыванне немагчыма ўявіць сабе без старажытнага
процяга, вядомага ў спецыяльнай літаратуры.пад назвай "набор".
Уяўляе сабой шэраг разнастайных па велічыні радкоў шва "наперад
іголку", накіраваных уздоўж утка ці асновы палатна. Асаблівасцю
выканання процяга ў гарызантальным накірунку з'яўляліся свабодныя
петлепадобныя канцы нітак, якія накідаліся пры пераходзе ад аднаго
радка да другога. Рабілася гэта для таго, каб пазбавіцца залішняга
сцягвання тканіны вышыўкай. Кожны радок процяга ў вертыкальным накірунку
замацоўваўся косым шыўком у верхняй і ніжняй частцы арнаментальнай
паласы. Іншы раз замацаванне ішло праз гладзе-вы шнурок, зноў жа з
лёгкім перакрыжаваннем нітак. Процягам вышывалі выключна геаметрычныя
кампазіцыі.
Двухбаковае шво (роспіс). Гэта вышыўка аднолькавымі па велічыні гарызантальнымі,
вертыкальнымі, дыяганальнымі шыўкамі. Мае ідэнтычны малюнак на адваротным
баку тканіны. Ёй падуладны, акрамя геаметрычнага, сюжэтны арнамент
з антрапаморфнымі, арнітаморфнымі і зааморфнымі выявамі. Выконваецца
швом "наперад іголку". Спачатку пракладваецца шэраг пункцірных
шыўкоў, зваротным ходам запаўняюцца прамежкі паміж імі. Вышыўку роспісам
выконваюць, як правіла, па лікавых схемах, дзе адна рысачка адпавядае
аднаму шыўку.
Вышыўка крыжыкам на Беларусі асаблівую папулярнасць набыла ў другой
палове XIX - пачатку XX стагоддзя. Выкананне яе мае свае асаблівасці.
Гарызантальныя радкі выконваюцца ў два прыёмы. Спачатку шыюцца ніжнія
шыўкі ў накірунку злева направа, потым верхнія - справа налева ў дзірачкі
першага радка. На адваротным баку пры гэтым утвараюцца вертыкальныя
шыўкі. Пры выкананні вертыкальных радкоў кожны крыжык шыецца паступова,
адзін за адным. Тое ж самае адносіцца і да варыянта, калі крыжыкі
размешчаны не шчыльна, а з прамежкамі. Вышыня кожнага прамежка павінна
быць роўнай вышыні аднаго крыжыка. Дыяганальныя радкі крыжыкаў можна
выконваць ад верхняга правага вугла да ніжняга левага і ў зваротным
накірунку. Спачатку выконваюць адзін крыжык, потым прыступаюць да
другога.
Падвойны, т.зв. балгарскі, крыжык атрымаў асаблівае пашырэнне ў беларускім
нашыванні з пачатку стагоддзя. Асновай яго з'яўляецца просты крыжык
з косымі шыўкамі.
Паверх яго накладваецца крыжык з прамымі шыўкамі. Пры вышыванні некалькіх
крыжыкаў запар выконваюць цалкам адзін крыжык і толькі потым пераходзяць
да другога.
Вышыўка лікавай гладдзю адрозніваецца двухбаковым малюнкам. Аднолькавыя
ці розныя па велічыні шыўкі, шчыльна прыціснутыя адзін да аднаго,
размяшчаюцца ў гарызантальным, вертыкальным, дыяганальным накірунках.
Арнамент старажытнай гладзі складваецца з простых фігур - квадрацікаў,
ромбаў, зорак, разетак і інш.
Некалькі разнавіднасцей мае вышыванне адвольнай гладдзю. Адна з іх,
і даволі пашыраная, - прамая аднабаковая гладзь. Выконваецца каляровымі
ці белымі ніткамі. Шыецца па папярэдне нанесенаму малюнку, контуры
ўзору не абкідваюцца. Насціл не ўжываецца, шыўкі шчыльна прымыкаюць
адзін да аднаго. Накірунак шыўкоў можа быць самы розны: па гарызанталі,
вертыкалі, наўскасяк. Прамой гладдзю шыюцца раслінныя, акруглыя, кроплепадобныя
матывы. Ва ўзорах спалучаецца са сцябліністьм, строчкай. Нярэдка дапаўняецца
праразнымі матывамі.
Шматтонавая гладзь асаблівае пашырэнне атрымала ў пасляваенныя гады.
Яна патрабуе пэўнага майстэрства ў падборы нітак, накладвання шыўкоў
з "уліваннем" тонаў. Вышываецца па малюнку, перанесенаму
на тканіну, да-паўняецца іншымі відамі аздабляльных швоў. Найбольш
прыдатная для рэалістычнай перадачы колеравых адценняў раслінна-кветкавых
матываў.
Традыцыйнае скразное шыццё распачынаецца мярэжкамі - вузкімі ажурнымі
вышыўкамі, рознымі па шырыні, складанасці выканання.
Да ліку найпрасцейшых белых мярэжак адносіцца мярэжка "кутасік".
Для выканання яе з тканіны выцягваюць дзве-тры ці большую колькасць
нітак. Вышывальнай ніткай, замацаваўшы яе ля ніжняга правага краю,
падхопліваюць іголкай справа налева 3-5 вертыкальных нітак, абвіваюць
іх адзін раз. Іголку выводзяць з адваротнага боку, крыху ўлева ад
узору.
Мярэжка "стоўбік" вышываецца падобна папярэдняй. Спачатку
сцягваюць ніткі тканіны з аднаго боку, потым тыя ж ніткі зацягваюць
пятлёй з процілеглага боку.
Варыянт "стоўбіка" - мярэжка "ў раскол". Колькасць
нітак, зацягнутых пятлёй, павінна быць абавязкова цотнай. Пасля перавіўкі
верхняга краю стоўбікі ніжняга радка дзеляцца папалам і сцягваюцца
з палавінай другога. У выніку мярэжка набывае зігзагападобны малюнак.
3 мярэжкі "стоўбік" і яе варыянтаў можна складаць асобныя
ажурныя матывы ці ўзорыстыя палосы.
Мярэжка "насціл" выконваецца працягваннем вышывальнай ніткі
праз пучкі нітак мярэжачнай паласы спачатку справа налева, а потым
наадварот, кожны раз прапускаючы іголку пад пучком, а потым над ім.
Дэкаратыўнасць мярэжак насцілам узбагачалася ўжываннем колеравых нітак.
Яны дапамагалі стварыць нескладаны геаметрычны малюнак - рамбічны,
зігзагападобны. Для выканання мярэжкі "насціл" спачатку
шыецца мярэжка "стоўбік".
У народнай вышыўцы сустракаюцца таксама мярэжкі з перапляценнем нітак.
Узор такіх мярэжак фарміруецца перапляценнем (скрыжаваннем) у розных
камбінацыях пучкоў нітак. Для выканання мярэжкі свабодныя ніткі тканіны
сцягваюць у тонкія стоўбікі з трох-чатырох нітак. Рабочую нітку потым
замацоўваюць пасярэдзіне правага краю мярэжкі і пачынаюць перакрыжоўваць
на два стоўбікі. Падхопліваюць іголкай другі стоўбік і перамяшчаюць
першы на месца другога. Перапляценне пучкоў вышывальнай ніткай праходзіць
па цэн-тры дарожкі ці (больш складаныя варыянты) па лініях, якія падзяляюць
мярэжачную паласу на дзве, а то і тры паралельныя часткі.
Мярэжка "снопік" выконваецца злева направа. Рабочай ніткай,
замацаваўшы яе пасярэдзіне левага краю мярэжкі, падхопліваюць два
стоўбікі і сцягваюць іх пятлёй. Можна сцягваць таксама 3 ці 4 стоўбікі.
Вышывальная нітка праходзіць роўнай лініяй, замацоўвае "снопікі"
трывалым вузлом.
Для выканання мярэжкі "павучок" сцягваюцца прыёмам "снопік"
тры стоўбікі. Узор атрымліваецца пачарговым перапляценнем рабочай
ніткай стоўбікаў наўкол сцягваючага вузла.
Простыя мярэжкі з абвіўкай стоўбікаў - бадай што, самыя папулярныя
ў беларускім нашыванні. У мярэжках данага тыпу стоўбікі абвіваюцца
(цалкам ці часткова) вышывальнай ніткай.
Для выканання строчкі-перавіці ніткі выцягваюць з тканіны ў двух накірунках
праз невялікія прамежкі. У выніку атрымліваецца сетка, якую ўтвараюць
участкі непарушанай тканіны, квадрацікі з нітак адной асновы ці ўтка
і, нарэшце, адтуліны. Каб пазбавіцца скажэння ўзору пры мыцці тканіны,
сетку апрацоўваюць звычайна па дыяганалі. Існуе таксама спосаб абвіўкі
сеткі па прамых, гарызантальна-вертыкальных лініях. Пасля абвівання
стоўбікаў краі сеткі замацоўваюць пяцельным швом ці гладзевым валікам.
Апрацаваная такім чынам сетка з'яўляецца фонам для далейшай вышыўкі.
Узор выконваецца разнастайнымі страчавымі прыёмамі: насцілам, цыраваннем,
павуцінкамі і інш.
Найбольш пашырана вышыўка насцілам, якая дае шчыльнае запаўненне сеткі
ў гарызантальным і вертыкальным накірунках. Рабочая нітка кладзецца
адзін раз паверх стоўбіка, другі раз знізу. У зваротным накірунку
наадварот: тыя стоўбікі, што былі пад ніткай, кладуцца наверх.
Адметная прыкмета выдатна вышытай рэчы - ахайны выгляд яе з адваротнага
боку. Гэта традыцыя цягнецца з даўніх часоў і была выклікана да жыцця,
у прыватнасці, неабходнасцю выкарыстання вышываных тканін у звычаях
і абрадах. Так, напрыклад, асаблівыя патрабаванні выказваліся да ручніка,
які, у залежнасці ад абставін, паварочваўся да гледача то вонкавым,
то адваротным бокам, адыгрываючы самыя разнастайныя ролі - пояса,
покрыва, перавязі, набожніка і г. д. Не менш строгія правілы да выварату
існавалі і ў адносінах да жаночых кашуль, дзе практыкаваліся самыя
складаныя ў тэх-нічных адносінах кампазіцыі. Адзначым яшчэ адзін прадмет,
да якога былі прымеркаваны асаблівыя пажаданні чысціні і акуратнасці
арнаментаванага споду. Гэта фартушок, які, адмыслова падаткнуты, ператвараўся
ў кішэню для кірмашовых ласункаў, а ў традыцыйнай сямейнай звычаёвасці
адрываўся ад касцюма і набываў абавязкі самастойнага сімвалічнага
прадмета. Варта падкрэсліць у гэтай сувязі, што народнае рукадзелле
здаўна і шырока ка-рысталася двухбаковым нашываннем, дзе вонкавы і
адваротны бок былі ўзаема-замяняльнымі.
Прывабны выгляд рукадзелля ў пэўнай ступені залежаў і ад умелага замацавання
вышывальнай ніткі ў працэсе выканання ўзору. Безвузялковае замацаванне
ніткі мае дастатковую колькасць арыгінальных.і разнастайных прыёмаў.
Вось некаторыя з іх.
Пачынаючы вышываць, робяць 2-3 туга зацягнутыя шыўкі, якія ў далейшым
перакрываюцца вышыўкай.
Выконваючы першы шывок, пакідаюць кончык ніткі, каб потым прашыць
яго наступным шыўком і ў рэшце рэшт схаваць далейшай вышыўкай.
Рабочую нітку складваюць напалам, працягваюць у іголку, на якую набіраюць
потым некалькі нітак тканіны. Прасоўваюць іголку праз пятлю, утвораную
вышывальнай ніткай, і туга зацягваюць.
У працэсе сцягвання першага стоўбіка мярэжкі кончык ніткі замацоўваюць
уздоўж стоўбіка і сцягваюць разам з ніткамі тканіны.
Заканчваючы вышыўку, рабочую нітку дробнымі шыўкамі прапускаюць пад
насціл гатовых матываў, а канец акуратна падрэзваюць.
Лагічным вынікам авалодвання практычнымі навыкамі з'явіцца вышыўка
ў матэрыяле. Выбар пэўнай рэчы, асабліва ў малодшай і сярэдняй узроставай
групе, вызначаецца выкладчыкам. Разам з ручнікамі, сурвэтамі, закладкамі
можна параіць індывідуальны ці калектыўны выраб лялькі ў народным
касцюме, арнаментаваным вышыўкай. Вучням старэйшага ўзросту можна
пла-наваць выраб пано з выявамі кветкавых кампазіцый, пейзажных краявідаў.
Пабудаваны ад простых да больш складаных спосабаў вышывання, практычны
раздзел тым не менш не ўлічвае асаблівасцей трох узроставых груп (3-4,
5-7, 8-11-ыя класы). Выбар найбольш аптымальных прыёмаў, іх пас-лядоўнасць
з улікам эмацыянальна-псіхалагічнага, інтэлектуальнага ўспрыняцця
вучнямі матэрыялу застаецца за педагогам.
|
 |
|
|