БЕЛАРУСКІЯ
НАРОДНЫЯ ПАЯСЫ
На пачатку XX стагоддзя адзін з даследчыкаў побыту
беларусаў запісаў: "Пояс, як відаць, складае неабходную прыналежнасць
якога б там ні было гарнітура. Уважлівы мужчына без пояса не пераступіць
парога сваёй хаты і не з'явіцца на вуліцы, а жанчыны носяць на поясе
свой андарак, спадніцу і хвартух" .
Самаробныя ўзорыстыя паясы яшчэ ў 1920-ых гадах шмат дзе на Беларусі
насілі ў будні і ў святы, дарослыя і дзеці, мужчыны і жанчыны. Поясам
падпярэзвалі кашулю, сярмягу, кажух. Па даўняму звычаю мужчыны на
поясе мацавалі каліту, шабету, ножык, крэсіва. Ідучы на працу, за
пояс затыкалі сякеру.
Пояс, як абавязковая і вельмі важная дэталь касцюма, часта ўпамінаецца
ў народных песнях. Наяўнасць пояса падкрэсліваецца з мэтай больш
яркай і канкрэтнай характарыстыкі, звычайна жаніха або свата:
Што за панове,
Што за сватове на двор?
Па-руску ходзяць,
Па-руску мовяць,
Ганульку просяць да сябе:
- Выйдзі, Ганулька,
Выйдзі, дзіцятка,
К нам на двор.
Скажы, Ганулька,
Скажы, дзіцятка,
Каторы твой?
- А хто ў атласе,
У жоўтым ПАЯСЕ,
Той сват мой..
Конь вараненькі,
Сам маладзенькі Іванька..
І ў другой песні:
А ў нашага свата
Адзежа багата:
Шапка сабачча,
Шубка цялячча,
ПОЯС вужачы,
Боты канёвы.
Шапка забрэшыць,
ПОЯС зашыпіць,
Боты загагочуць.
Увага, якая надавалася беларусамі (як, дарэчы, і многімі
іншымі народамі) поясу ў традыцыйным касцюме, тлумачыцца не толькі
функцыянальнай неабходнасцю, але таксама і глыбокім сімвалічным
зместам. У старажытнасці пояс (ён быў вядомы ў Вавілоне, Старажытным
Егіпце, славянам - з I тысячагоддзя) часта служыў знакам, які ўвасабляў
тое або іншае ўяўленне пра навакольны свет, узаемаадносіны з ім
чалавека. Павязванне пояса азначала гатоўнасць да дзеяння і здольнасць
гэта дзеянне ажыццявіць. Такое, характэрнае не толькі для славян,
уяўленне адбілася ў адной з беларускіх назваў скуранога пояса -
дзяга (дзяглы - дужы).
Нашэнне пояса звязвалася з маральным абліччам чалавека. Адсутнасць
пояса ўспрымалася як парушэнне агульнапрынятых норм паводзін. У
адной з рускіх былін паводзіны гераіні лічацца ганебнымі толькі
з той прычыны, што ў яе ўборы няма пояса:
А молода Марина Игнатьевна,
Она высунулась по пояс в окно
В одной рубахе без пояса.
Негатыўнае адценне ў рускай мове маюць словы "распоясаться",
"поясничать". Зняважліва гучыць выраз "беспоясный
татарин".
Важнае месца пояс займаў у розных звычаях і абрадах беларусаў. Ён
быў адным з абавязковых падарункаў на розных этапах вяселля. Калі
дзяўчына была згодна выйсці замуж за хлопца, якога ёй сваталі, яна
дарыла яму кашулю і пояс. Пояс таксама атрымліваў сват. Паясамі
адкупляліся, калі вясельны поезд на сва-ім шляху сустракаў перашкоду.
Едуць, напрыклад, паўз млын. Мельнік спыніць ваду - нявеста кідае
паясок. Які-небудзь гарэза з гасцей спыніць коней як бы з-за таго,
што супоня парвалася, - зноў нявеста кідае паясок. У адной з вясельных
песень жаніх хваліцца спраўнасцю сваёй нявесты, упамінаючы паяскі
нароўні з іншымі прадметамі яе прыданага:
У Міколкі ў абозе
Не кован конік, што ў возе.
Ёсць у мяне кавалі ў дарозе,
Падкуюць коніка, што ў возе;
Ёсць у мяне Тацянкіны
пярсцёнкі-
Будуць к падкоўнікам вухналі;
Ёсць у маёй Тацянкі паяскі -
Будуць к саначкам палазкі.
Паясы дарыліся музыкам, родзічам жаніха, гасцям. Уваходзячы
пасля вянчання ў хату жаніха, нявеста кідала паясок на печ. Да стала
маладых вялі на паяску. У першы дзень пасля вяселля маладая, ідучы
па ваду, клала пояс на зруб калодзежа. Падмятаючы хату, завязвала
паясок на венік. Есць сведчанні, што іншым разам нявеста раздавала
на вяселлі больш за сотню паясоў.
Поясам звязвалі першы сноп ураджаю, спавівалі немаўлят. У час пахавання
на поясе вялі каня, які вёз на могілкі труну з нябожчыкам.
3 поясам звязваліся розныя прыкметы, павер'і, загаворы, гаданні.
Лічылася, што пояс аберагае ад няшчасцяў. Каб у сямейным жыцці быў
даста-так, маладая перад тым, як ісці да вянца, развешвала паясы
ў свірне, у хляве, над куфрам. Каб авечкі не разбягаліся ў полі
і вярталіся дадому разам са статкам, выганяючы іх першы раз пасля
зімы на пашу, рассцілалі на парозе аўчарні ручнік і пояс. Напярэдадні
Новага года поясам папарна звязвалі аднародныя прадметы (каб жывёла
ў гаспадарцы паравалася).
У канцы XIX - пач. XX ст. сімволіка пояса ў значнай ступені была
забытая. Усё часцей паясы насілі па традыцыі, а не таму, што надавалі
гэтаму нейкае значэнне. У гэты час ужо не адрознівалі, як раней,
мужчынскія, жаночыя, дзіцячыя паясы. Аднатыпныя паясы ўваходзілі
як у жаночы, так і ў мужчынскі касцюм, а дзіцячыя былі проста меншых
памераў.
На мяжы стагоддзяў на Беларусі быў ва ўжытку шэраг комплексаў жаночага
адзення, мастацкую цэласнасць якіх цяжка ўявіць без паясоў. Шмат-прадметны,
насычаны арнаментам, колерам неглюбскі касцюм удала дапаўняў шырокі
чырвоны пояс. Пад Кобрынам жанчыны насілі паясы ў рознакаляровыя
падоўжныя паскі, якія добра спалучаліся з паскамі аздаблення кашулі,
спадніцы, хвартуха, У кожнай мясцовасці афармленне паясоў вытрымлівалася
ў стылёвым адзінстве з арнаментамі традыцыйнага касцюма.
Уяўляюць цікавасць і спосабы павязвання пояса. У залежнасці ад полу,
узросту, мясцовых густаў яны мелі шэраг варыянтаў. Жанчыны насілі
пояс на таліі паверх хвартуха. Мужчыны - высока пад грудзямі, на
жываце або ніжэй жывата, абкручваючы яго вакол стана не менш чым
два разы. Хлопчыкі - толькі высока пад грудзямі. Завязвалі пояс
вузлом спераду або збоку, ды каб канцы, адмыслова аздобленыя кутасамі,
махрамі, бісерам, нашытымі палоскамі тканіны, металічнымі пласцінкамі,
звешваліся сантыметраў на 20-40.
Спосаб нашэння паясоў вызначаў іх даўжыню, якая вагалася ад 1,5
да 3,5 метра, а іншы раз даходзіла да 5 метраў. У шырыню традыцыйныя
паясы мелі ад 1,5 да 20 сантыметраў.
Паясы ўжывалі для аздобы адзення. Вузкія тканыя паяскі ў падоўжныя
паскі ("крайкі"), узорамі "ў елачку", "вочкамі",
"коскай" прышывалі да спадніц, хвартухоў. Вузкімі плеценымі
"тасёмкамі" абшывалі каўняры, барты, фалды, рукавы світ.
У кожнай мясцовасці абшыўкі розніліся па колеру і ўзорах.
На поясе насілі каробкі, збаны, паясамі прывязвалі набіркі (невялікія
каробкі, у якія збіралі ягады), палатняныя торбы. Шырокімі мужчынскімі
паясамі (спавівачамі) спавівалі немаўлят.
Рабілі паясы жанчыны. Дзяўчаткі з паясоў пачыналі засвойваць сакрэты
хатняга жаночага рукадзелля. Як і большасць вырабаў традыцыйных
беларускіх рамёстваў, паясы не набылі значэння тавару, і іх ужывалі
толькі для ўласных патрэб.
У канцы XIX - пач. XX ст. асноўнай сыравінай для вырабу паясоў была
авечая воўна. Тонка спрадзеныя ніткі скручвалі, фарбавалі хімічнымі
фар-бавальнікамі ў яркія колеры. Ільняныя ніткі часам адбельвалі
(фарбавалі рэдка). 3 куплёных нітак ужывалі тонкую воўну-жычку,
белую баваўняную пражу.
Тэхніка вырабу беларускіх народных паясоў вызначаецца разнастайнасцю
прыёмаў, большасць з якіх вядома многім народам з даўніх часоў.
Паясы вілі, плялі на пальцах, на калодачцы, на вілачцы, на сцяне,
ткалі на дошчачках, на бердзечку, на ніту, на кроснах, вязалі шыдэлкам
і пруткамі. Тэхналогія ў значнай меры абумовіла мастацкія асаблівасці
традыцыйных паясоў.
Дэкор вітых і плеценых паясоў фарміраваўся пад непасрэдным уплывам
тэхналогіі. Вітыя паясы ўяўлялі сабой аднаколерныя ці шматколерныя
вяровачкі. Мастацкая выразнасць дасягалася за кошт колькасці і таўшчыні
перавітых пасмаў, падбору нітак па колеру і якасці выпрацоўкі.
Плеценыя паясы, больш складаныя па тэхналогіі, мелі і больш разнастайны
дэкор. Важным сродкам мастацкай выразнасці ў плеценых паясах быў
спосаб перапляцення нітак. Для беларусаў найбольш характэрныя паясы
палатнянага, саржавага, сеткавага перапляцення, у выглядзе касы
або вяровачкі. Узор у плеценых паясах утвараўся дзякуючы таму, што
ніткі былі розна-каляровыя.
Арнаментальныя матывы традыцыйных беларускіх плеценых паясоў нескладаныя:
падоўжныя і косыя пасачкі, кратачкі, косыя ромбы, трохкутнікі. У
колеравым вырашэнні арнаментальных плеценых паясоў пераважаюць чыр-воныя,
барвовыя, фіялетавьм колеры. Арнаментальныя плеценыя паясы былі
вядомы па ўсёй Беларусі, але найбольш характэрным для Віцебскай
вобласці. На ўсходзе Гомельскай і ў Брэсцкай вобласці бытавалі чырвоныя
паясы складанага сеткавага пляцення, іншы раз з ажурнымі ўзорамі.
Пераважную колькасць паясоў у канцы XIX - пач. XX ст. на Беларусі
ткалі. Сама тэхналогія пашырала разнастайнасць арнаментальных кампазіцый,
матываў: падоўжныя, папярочныя, косыя паскі, рысачкі, крыжыкі, ромбы,
грабеньчыкі, шматпялёсткавыя разеткі і г. д. Паясы, вырабленыя ў
розных ткацкіх тэхніках, розніліся паводле арнаменту.
Найбольш простыя па ўзорах паясы, тканыя на дошчачках - квадратных
пласцінках з адтулінамі па вуглах. Элементарны матыў узору ўяўляе
сабою косую рысачку, якая размяшчаецца пад вуглом з нахілам управа
або улёва. 3 набору рысачак складваюцца адзінарныя і двайныя вугалкі,
падоўжныя і папярочныя паскі, зігзагі. Для беларускіх паясоў, тканых
на дошчачках, характэрныя ўзоры, пабудаваныя на спалучэнні рознакаляровых
падоўжных паскаў і дробнага зубчатага ўзору. Каларыстычная гама
беларускіх паясоў, тканых на дошчачках, звычайна абмежавана чатырма-пяццю
колерамі, сярод якіх пераважаюць чырвоны, сіні, жоўты.
Ткалі паясы на дошчачках на Беларусі практычна паўсюдна, але найбольш
часта яны сустракаюцца на поўначы Мінскай і Магілёўскай, у Ві-цебскай
абласцях. Паясы, тканыя ў розных месцах, адрозніваюцца нязначна.
Няма вялікай розніцы паміж беларускімі паясамі і паясамі з памежных
раёнаў Расіі, дзе таксама было добра вядома ткацтва на дошчачках.
У адзінкавых экземплярах захаваліся паясы, тканыя на бердзечку -
пласцшцы, падзеленай шчылінамі на трасціны з адтулінамі пасярэдзіне.
Большасць з іх падоўжна-паласатыя. Паясы на бердзечку ў канцы XIX
- пач. XX ст. ткалі пераважна на тэрыторыі сучасных Магілёўскай
і Віцебскай абласцей.
Самую цікавую ў арнаментальных адносінах групу складаюць паясы,
тканыя на ніту. Тэхніка ткацтва на ніту ў агульных рысах блізкая
да ткацтва на кроснах і дазваляе атрымліваць разнастайныя ўзоры.
Па ўсёй Беларусі былі вя-домыя нітовыя паясы ў падоўжныя і папярочныя
паскі. Мастацкая выразнасць падоўжна-паласатых паясоў дасягалася
дакладна знойдзенымі суадносінамі памераў палосак, падборам колераў.
Найбольш цікавыя падоўжна-паласатыя паясы бытавалі на тэрыторыі
Кобрынскага і Ганцавіцкага раёнаў Брэсцкай воб-ласці. Адметная рыса
кобрынскіх паласатых паясоў (пры значнай шырыні - да 7 сантыметраў)
- шырокая чырвоная паласа па цэнтры, аблямаваная больш вузкімі рознакаляровымі
паскамі. У ганцавіцкіх паясах падоўжныя паскі дапаў-няюцца дробнымі
шашачкамі.
3 найбольшай паўнатой творчая фантазія народных ткачых выявілася
ў нітовых паясах з браным узорам. Гэтая тэхніка блізкая да бранага
ткацтва, якое шырока ўжывалася ў народным рамястве для вырабу ручнікоў,
настольнікаў, тканін для адзення. Падабенства тэхнікі вяло да падабенства
ўзораў. Як для бра-ных традыцыйных тканін, так і для браных нітовых
паясоў характэрны геаметрычныя матывы.
Практычна па ўсёй Беларусі паяскі на ніту ткалі ўзорамі, якія ўтвараліся
паўторамі аднаго, двух, рэдка трох нескладаных матываў, вядомых
паўсюдна, дзе яны бытавалі, пад аднымі і тымі ж, альбо падобнымі,
назвамі: "елачка", "кружок", "коска",
"вочка", "огнівак", "крыжык", "крыжык
з крыламі", "капыцік" і інш. Утвараліся ўзоры спалучэннем
косых паскаў аднолькавай шырыні. Аналагічныя арнаментальныя формы
ўжываліся яшчэ ў глыбокай старажытнасці.
Арнаментыка беларускіх, таксама як і рускіх, літоўскіх, эстонскіх
паясоў не абмяжоўвалася вышэйапісанымі простымі матывамі. 3 тых
самых дыяганальных паскаў, з якіх складваліся "капыцікі",
"вочкі", "елачкі", будаваліся разнастайныя,
складаныя па малюнку геаметрычныя фігуры. У аснове большасці з іх
быў ромб.
Ромбы на паласе пояса размяшчаліся адзін за адным. Злучаныя вяршынямі,
яны ўтваралі прыгожыя ланцужкі. Іншы раз паміж ромбамі ўво-дзіліся
іншыя матывы. Узор ускладняўся, але вядучая роля ромба як асноўнага
матыву арнаментальнай кампазіцыі захоўвалася заўсёды. Узбагачала
кампазіцыю ўвядзенне ў яе розных дадатковых матываў, якія запаўнялі
прамежкі паміж ромбамі і іншымі арнаментальнымі фігурамі.
Арнамент звычайна шчыльна запаўняў усю паласу. Па краях пояса размяшчаліся
рознакаляровыя падоўжныя паскі, якія мелі назву "абложка",
"вокладка".
Беларусам былі вядомыя паясы і з іншай кампазіцыяй, калі асобныя
элементы кампанаваліся не ў адным, а ў трох падоўжных пасках, сярэдні
з якіх быў значна шырэйшы за бакавыя. Такія паясы мелі лакальнае
распаўсюджанне і сустракаліся пераважна на Магілёўшчыне.
Уяўляюць цікавасць паясы з сеткавым размяшчэннем арнаментальных
матываў, іх узоры, вядомыя пад назвамі "ў гарэшак", "гарэшкам",
захаваліся на тэрыторыі Гродзенскай вобласці.
У колеравым вырашэнні тканых, таксама як і плеценых, беларускіх
паясоў пераважае чырвоны колер. У розных месцах у залежнасці ад
якасці пражы, ад адцення фарбавальнікаў, якія мелі народныя майстры,
асабістых пры-хільнасцей колер узору вар'іраваўся ад светла-чырвонага
і ружовага да барвовага і фіялетавага. У некаторых месцах, асабліва
ў Гродзенскай і Магілёўскай абласцях, узор нярэдка рабілі зялёны,
сіні, жоўты. Вядомыя таксама паясы, у якіх чырвоны або ружовы ўзор
даваўся на каляровым, часцей за ўсё зялёным фоне. Зрэдку фон рабілі
чорны.
Выраб традыцыйных паясоў на тэрыторыі Беларусі амаль паўсюдна спыніўся
ў 1920-1930-ыя гады, бо іх перасталі ўжываць у побыце і абрадах.
У невялікай колькасці паясы яшчэ ў 1950-ыя гады выраблялі на Гродзеншчыне
і ў заходніх раёнах Мінскай вобласці. Іх выкарыстоўвалі ў касцюме,
імі абкручвалі рамы веласіпедаў, павязваючы цераз плячо, насілі
на іх немаўлят. Прыкладна да 1960-ых гадоў у Гродзенскай, Віцебскай,
асобных раёнах Мінскай, Гомельскай абласцей вязалі на прутках, ткалі
на ніту паясы-спавівачы. Тэхніку пляцення ўжывалі для вырабу тасьмы
і шнуроў для аздобы дэкаратыўных дываноў і паду-шак.
У наш час паясы на ніту ткуць у Ганцавіцкім раёне Брэсцкай вобласці.
Сучасныя ганцавіцкія паясы адрозніваюцца ад тых, што бытавалі тут
раней. Па-першае, памеры іх не перавышаюць у шырыню 1,5 см, а ў
даўжыню 1,5 метра. Для ткацтва акрамя льняных і ваўняных нітак ужываюць
шпулькавыя баваўняныя, ірыс, сінтэтыку. Арнаментальньм матывы традыцыйныя,
але коле-равыя спалучэнні часта незгарманізаваныя. У заходніх раёнах
Гомельскай вобласці ў тэхніцы ткацтва на ніту з сінтэтычнай пражы
вырабляюць шырокія безузорныя стужкі, якія прывязваюць да гаспадарчых
кошыкаў.
3 сярэдзіны 1960-ых гадоў традыцыі вырабу паясоў набылі далейшае
развіццё ў мастацкіх промыслах рэспублікі. На Слуцкай фабрыцы мастацкіх
вырабаў "Слуцкія паясы" ў тэхніцы ткацтва на ніту сталі
вырабляць дэкаратыўныя стужкі, закладкі, сувенірныя пано.
Найбольш цікавыя сярод вырабаў слуцкай фабрыкі - дэкаратыўныя стужкі.
Мастацкае афармленне іх будуецца на спалучэнні прыёмаў, ха-рактэрных
для традыцыйных беларускіх паясоў, з элементамі, запазычанымі са
знакамітых слуцкіх паясоў. Сярод арнаментальных матываў - ромбы,
трохкутнікі, крыжыкі, стылізаваныя выявы кветак, лістоў, галінак.
Узор звы-чайна кампануецца ў трох падоўжных палосах, сярэдняя з
якіх значна шырэйшая за бакавыя. На канцах стужак размяшчаюцца букеты,
вазоны, вянкі. Адметным элементам дэкаратыўных стужак з'яўляюцца
кароткія тэксты.
Акрамя Слуцкай фабрыкі мастацкіх вырабаў прамысловая вытворчасць
паясоў наладжана на Віцебскай фабрыцы мастацкіх вырабаў "Купава",
а таксама ў цэнтры традыцыйных рамёстваў "Скарбніца" ў
Мінску.
Беларускі народны пояс працягвае сваё жыццё. Страціўшы былое значэнне
ў якасці абавязковага элемента адзення, ён усё больш прыцягвае ўвагу
як твор мастацтва. У апошнія гады паясы, вырабленыя сучаснымі майстрамі
ў традыцыйных тэхніках, з выкарыстаннем традыцыйных прыёмаў кампазіцыйна-арнаментальнага
афармлення, усё часцей з'яўляюцца на выстаўках народнага і самадзейнага
мастацтва, паясы ткуць у гуртках і мастацкіх студыях. Дасканаласць
мастацкага вырашэння традыцыйных паясоў, адпрацаванасць тэхналогіі
не пакідаюць абыякавымі і прафесійных мастакоў.
Пояс - гэта арыгінальны сувенір, удалае дапаўненне да касцюма. Традыцыйная
тэхналогія ткацтва і пляцення паясоў можа быць выкарыстана для вырабу
гальштукаў, пано, розных упрыгажэнняў і іншай прадукцыі сувенірнага
прызначэння.
Мастацтва вырабу паясоў мае добрыя перспектывы для свайго развіцця.
|