Экспанаты з фондаў Веткаўскага музея народнай творчасці
Сёння Веткаўскі музен народнай творчасці стаў унікальным захавальнікам духоўных і мастацкіх скарбаў земляў, якія найбольш пацярпелі ад чарнобыльскай катастрофы. Большасць вёсак, дзе жылі стараабрадцы і адкуль прыйшлі ў музей творы, ужо не існуе. Гэтая сумная акалічнасць датычыцца не толькі стараверскіх "слабод". На карце раёна з 1986 года зніклі сорак населеных пунктаў. Своеасаблівае эстэтычнае асяроддзе, у якім развівалася пасадская культура Веткі, уплывала і на буйны цэнтр народнай творчасці гэтага рэгіёна - Неглюбку. У культуры Неглюбкі яшчэ мацней адчуваюцца элементы язычніцтва. Яны ў павер'ях і паданнях мясцовых жыхароў, у дзействах старажытнага свята, звязанага з культам земляробства -"Ваджэнне і пахаванне Стралы". Наяўнасць элементаў язычніцтва і хрысціянскага культу спрыяла захаванню старадаўняй арнаментыкі. У ткацтве і вышыўцы сустракаюцца знакі "ўзаранага і засеянага поля", "нябесных свяцілаў", "дрэва жыцця", "вады". Неглюбскія майстрыхі сёння паказваюць у арнаментах "неба і зямлю". У дэкоры кашуль XIX-XX стст. распаўсюджаны ўзоры, якія тут называюць "мядзведзямі", "лапай" і якія ўспрымаліся як знакі "абярэгі" - захавальнікі ад злых сіл. Сляды язычніцкага ўяўлення пра народныя строі, як "свет - космас", можна назіраць у святочным жаночым уборы з мноствам архаічных рысаў. У Неглюбцы сфарміраваўся свой тып народнага строю, які бытаваў да 1960-ых гадоў. Ён складаецца з кашулі, панёвы-плахты (старадаўні від някроенага і няшытага паяснога адзення), запіны, ці гарсэта, суконнага фартуха, плеценага пояса і галаўнога ўбору - тканай хусткі. Жаночай аздобай былі "лянтарыкі", "пушкі" (завушніцы з бурштыну і гусінага пуху), каралі са шкляруса і бісерныя "гарлячкі". Комплекс з панёвай характэрны для народнага адзення, створанага на стыку зямель Расіі, Беларусі, Украіны. Узаемны ўплыў культур гэтых трох народаў прывёў да з'яўлення тут змешанага тыпу касцюма. Напрыклад, дэталі неглюбскага жаночага ўбору ("панёва-плахта" і "запіна") сустракаюцца на Чарнігаўшчыне, Браншчыне, Смаленшчыне. Элементы дзявочага касцюма - "калышка" (полка ўзорыстай тканіны) і "кубак" (галаўны ўбор са стужак) распаўсюджаны таксама на Украіне. У Веткаўскім раёне існавалі і іншыя камплекты народнага адзення. У вёсцы Кязацкія Балсуны насілі "саян" - спадніцу з прышытым ліфам, накшталт сарафана, характэрнага для краснапольскага строю, у іншых вёсках - андарак-спадніцу з шарсцяной паласатай ці клятчастай тканіны.
Для неглюбскага ручніка характэрна кампазіцыя, распаўсюджаная ў Прыдняпроўі: белы цэнтр з вузкімі чырвонымі палоскамі і доўгія ўзорныя канцы, у якіх арнаментальныя элементы размяшчаюцца на шырокіх гарызантальных палосах. У наш час майстрыхі ткуць ручнікі да чатырох метраў удоўжкі. Асаблівую ўвагу яны ўдзяляюць узорнаму полю, якое дасягае аднаго - паўтара метра, арнамент у ім стаў больш буйны і пышны. На традыцыйных урачыстых двухколерных ручніках ззяюць усе адценні чырвонага колеру, захаваліся найбольш старажытныя ўзоры: "павукі", "колы", "крывулі", "крыжы", "круччы". 3 канца 1960-ых гадоў, калі ў Неглюбцы пачалі ткаць яркія, звонкія шматколерныя ручнікі, выкарыстоўваючы шарсцяныя, сінтэтычныя ніткі, мулінэ, побач са старажытнымі ўзорамі з'явіліся новыя, якія апрацоўваюцца, паводле слоў ткачых, "па-неглюбску". Валодаючы ўсімі тэхнікамі ткацтва, майстрыхі аддаюць перавагу аднабаковаму перабору. Ён дазваляе выкарыстоўваць вялікую колькасць каляровых нітак. Ствараючы да дваццаці адценняў, яны дабіваюцца цудоўнай іх гармоніі. Па насычанасці каларыту, у якім выяўляецца старадаўняя семантыка колеру, неглюбскае ткацтва блізкае да веткаўскага бісернага вышывання і афармлення рукапісаў. Святочнасць народнага светаадчування ў іх арганічна спалучаецца з жыццярадаснасцю пасадскага мастацтва. Помнікі старажытнай Веткі перадаюць багацце, разнастайнасць культуры і традыцый народнай творчасці гэтага рэгіёна.
|
|